— Хто ты гэткі?
— Свой, тутэйшы.
— Чаго хочаш?
— Долі лепшай.
— Якой долі?
— Хлеба, солі.
— А што болей?
— Зямлі, волі.
Назва
Першая афіцыйная назва сьвята — Дзень абвяшчэньня дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі. Упершыню назву надалі ў 1921 годзе ў "Дэклярацыі ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі з прычыны трэцяй гадавіны абвяшчэньня дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі".
Назва Дзень Волі ўпершыню зьявілася ў спэцыяльным выпуску газэты «Свабода», які выйшаў у 1990 годзе.
Гісторыя
25 сакавіка 1918 году ў Менску Рада БНР (былы выканаўчы камітэт Усебеларускага зьезду) прыняла Трэцюю ўстаўную грамату, згодна зь якой Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася вольнай і незалежнай дзяржавай. Рада БНР пастанавіла, што Берасьцейская мірная дамова, падпісаная бальшавікамі і немцамі, страціла моц, таму заклікала перагледзець яе ўмовы.
Дзяржаўнымі сымбалямі першай беларускай нацыянальнай дзяржавы сталі бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня, сталіцай — Менск, дзяржаўнай і абавязковай мовай — беларуская (з 12 красавіка 1918 году). Ад 11 кастрычніка 1918 дзейнічала часовая канстытуцыя, праводзілася выдача пашпартоў.
Беларускую Народную Рэспубліку дэ-юрэ прызналі Летува, Латвія, Эстонія, Чэхаславаччына і Фінляндыя, дэ-факта — Нямеччына, Баўгарыя, Турэччына, УНР.
Карта Беларускай Народнай Рэспублікі 1919 года Мітрафана Доўнар-Запольскага
Сьвяткаваньне
Упершыню ўгодкі абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі адзначылі ў 1919 годзе ў Горадні. Пазьней сьвяточныя імпрэзы праводзіліся ў шэрагу беларускіх местаў і мястэчак (Горадня, Ашмяны, Смаргонь і інш.), якія апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. Галоўныя ўрачыстасьці звычайна адбываліся ў Вільні.
З пачатку 1990-х гадоў у Менску і іншых местах Беларусі праводзяцца палітычныя акцыі, мітынгі, шэсьці, прысьвечаныя гэтай даце. Адпаведныя масавыя акцыі неаднаразова гвалтоўна перапыняліся міліцыяй, актывісты, што ўдзельнічалі ў іх, арыштоўваліся. У 2018 годзе ў Менску адбылося маштабнае сьвяткаваньне 100-годзьдзя БНР, цэнтрам якога стала Траецкая Гара перад Опэрным тэатрам, на якой прайшлі канцэрт і мітынг.